Легенды і паданні вёскі Пагарэльцы

Тарасова поле

                  На ўзгорку,  за  чыгуначнай станцыяй, шырока раскінулася поле, якое ў народзе завуць Тарасова.

        Па мясцовым паданні, калісьці гэтым полем валодаў яўрэй Нахімоўскі. Быў ён чалавек сквапны, злосны, нелюдзімы. Аднак багацце само сыпалася яму ў рукі: жыта радзіла добра, скаціна была гладкая, гандаль ішоў удала. Ды толькі ўсё змяніў адзін выпадак.

        У дом да Нахімоўскага ўвайшла старая жанчына-жабрачка, папрасіла чаго паесці, а той не толькі хлеба, але і вады пашкадаваў. Пайшла жабрачка прэч, а гаспадара за сквапнасць пракляла. З той пары перастала весціся гаспадарка ў яўрэя: збожжа на ўзгорку поля перасушвалася, а ў нізіне – вымакала, звялася худоба, і стаў Нахімоўскі бедняком. Доўга не мог прадаць гаспадар свой надзел, але ўсё ж такі збыў яго.

        З’явіўся ў вёсцы Тарас Бядонік,  салдат, які ішоў са службы, спадабалася яму поле, не ведаў ён пра праклён, купіў зямлю ў яўрэя. Ды не прынесла яна новаму гаспадару шчасця, колькі сіл і здароўя ні траціў на яе апрацоўку Тарас. Выдаў замуж гаспадар сваіх пяць дачок, а сам да смерці жыў на хутары.

                   І да гэтага часу поле застаецце неўрадлівым

свернуть

Русалчын мост

Калі ісці палявой сцежачкай з Пагарэльцаў у Слабаду, то неабходна перайсці раку Змейку па мастку, які называецца Русалчын мост. Легенда вяртае нас у тыя далёкія часы, калі рака была шырокай і глыбокай.

               На хутарах, што стаялі па абодва берагі ракі, жылі хлопец і дзяўчына, якія кахалі адзін аднаго. Кожны вечар яны сустракаліся на мосце, марылі пра будучае сумеснае жыццё.

             Аднак каханне юнака было нядоўгім, хутка дзяўчына даведалася, што ён сустракаецца з другой. Сэрца дзяўчыны не вытрымала здрады: у роспачы кінулася яна з моста ў раку і стала русалкай.

             З той пары вечарам і ноччу адзінокія мужчыны, што праходзяць па мосце,  чуюць салодкі дзявочы голас, які клікае іх да сябе. І той, хто адважваўся пайсці на гэты голас, ужо не варочаўся назад. Дзяўчына-русалка зацягвала ў ваду. Так яна помсціла мужчынам за здрадніцтва.

свернуть

Мар’іны слёзы

              Было гэта даўно. У вёсцы Друцкаўшчызна  жыла прыгожая дзяўчына Мар’яна. Усе вясковыя хлопцы былі закаханы ў яе, але прыгажуні падабаўся мясцовы асілак Васіль. Юнак таксама кахаў дзяўчыну, збіраўся заслаць сватоў.

             Але дзівосную красу Мар’яны ўпадабаў мясцовы  пан  Слізень, стары, крывы і касы. Захацеў ён узяць за жонку Мар’яну. І не здолела яму адмовіць маці дзяўчыны, бо гаспадара ў іх не было, жылі яны вельмі бедна – перабіваліся з лебяды на крапіву, а такое замужства давала магчымасць пражыць бязбедна і маці, і дачцэ.

             Здаў у рэкруты Слізень Васіля, а сам ажаніўся з мясцовай красуняй. Ды толькі нядоўгім было яго шчасце.

             Мар’яна кожны дзень пасля вяселля са Слізнем хадзіла ў лес, плакала па сваім загубленым каханні. Слёзы ліліся ракой з яе вачэй і збіраліся ў нізінцы, з іх і ўтварылася невялікае, але глыбокае возера. Ад смутку і жалю дзяўчына марнела, а хутка і зусім памерла.

             З таго часу возера пачалі называць Мар’іным, а лес, дзе яно знаходзіцца, -  Мар’яноўка.

свернуть

Самотка

На адным з хутароў жыла сям’я – муж, жонка і сын. Сын рос кемлівым і дужым, быў апорай сваім бацькам, надзеяй ім у старасці. Ужо і нявесту знайшоў, заручыны адбыліся. Але шчасцю не суджана было спраўдзіцца: пачалася Айчынная вайна 1812 года.

                Напалеонаўскія войскі праходзілі праз хутар. Тут і адбыўся адзін з баёў паміж рускімі і французскімі салдатамі. У гэтым баі і загінулі бацька і сын.

                  Жанчына-гаспадыня, якая засталася адна, да канца сваіх дзён насіла траур,  аплаквала мужа і сына. Кожную раніцу,  самотная, ішла на могілкі, дзе малілася і галасіла па забітых, і толькі познім вечарам вярталася на хутар.

                З цягам часу вяскоўцы сталі называць хутар Самотка.

свернуть

Як у Пагарэльцах з’явілася чыгунка

           …Была позняя восень 1870 года. Рабочыя, якія пракладвалі чыгуначнае палатно, часта хварэлі. А на месцы сучаснага пераезда жыў багаты селянін Міклаш Мікалай, які меў сад і  пчальнік. Інжынер і чыгуначнікі прыйшлі да Міклаша, каб купіць горац мёду (16 кілаграмаў). Міклаш згадзіўся, але прапанаваў вялікую цану – аж 1 рубель. Гэта было вельмі дорага – і рабочыя пайшлі ні з чым.

              Вярнуўшыся ў лагер, вырашылі адпомсціць сквапнаму гаспадару: перапрацавалі план пракладкі чыгункі, даказаўшы, што ў Друцкаўшчызне пясчаны, непрыдатны для чыгункі грунт.

               Хата і хлявы Міклаша былі знесены, дрэвы выкарчаваны, а сам гаспадар стаў жабраком.

                 Вось так і з’явілася чыгунка ў Пагарэльцах.

свернуть