Сям'я, родныя і блізкія людзі – самае дарагое ў жыцці кожнага чалавека. Што такое сям'я? Гэта маці і бацька, цяпло роднага дома, гэта месца, дзе цябе абавязкова зразумеюць і падтрымаюць, дзе цябе прымаюць і кахаюць такім, які ты ёсць.
Але ёсць і іншая сям'я – школьнае братэрства – не меней дарагое і памятнае сэрцу кожнага, хто хоць раз у сваім жыцці пераступіў школьны парог. Школа – гэта традыцыі і звычаі, трывалы фундамент, які трымае сцены гэтага будынка.
Як і ў кожнай сям'і, у нашай школе свята захоўваюць альбомы з фотаздымкамі педагогаў, вучняў. Старыя, жоўклыя ад часу, чорна-белыя фота захоўваюць гісторыю пакаленняў, якую сёння, праз паўсотні гадоў, можна ўбачыць увачавідкі. «Хто яны?», «Чым жылі?», «Пра што марылі?», «Як склаўся іх лёс?» - гэтыя пытанні не рэдка задаём сабе мы, юнакі і дзяўчаты XXI стагоддзя. Так, паступова, у нас узнікла ідэя стварыць летапіс школы. Хіба думалі мы тады, што гэта такая няпростая справа? Пачаўшы ствараць яго разам з нашымі педагогамі, зараз з упэўненасцю можам сказаць, што матэрыял, сабраны намі на сённяшні дзень – маленькая кропля ў велізарным акіяне нязведанага. Але нельга адступіць назад, збочыць з гэтай дарогі.
Пройдзе час, і вось такія ж дзеці, нашы нашчадкі, адкрыюць гэты летапіс і ўпішуць у яе свае, новыя старонкі. Так абавязкова будзе. Мы цвёрда верым у гэта!